У СВК “Навабыхаўскі” прайшоў урачысты сход, на якім ушаноўвалі перадавікоў вытворчасці
З нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў СВК “Навабыхаўскі” прайшоў урачысты сход, на якім віншавалі работнікаў галіны, ушаноўвалі перадавікоў вытворчасці па выніках сельскагаспадарчага года.
Адкрылася мерапрыемства ўручэннем старшыні гаспадаркі Сяргею Краўцову святочнага каравая, як сімвала сёлетняй плённай працы і добрых здабыткаў. Сяргей Мікалаевіч коратка прааналізаваў паказчыкі вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства ў 2014 годзе, адзначыў ягоныя лепшыя падраздзяленні, назваў пераможцаў спаборніцтва, павіншаваў прысутных, усіх работнікаў працоўнага калектыву, ветэранаў СВК з прафесійным святам, выказаў самыя добрыя пажаданні.
Блок узнагароджвання па-чаў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама, ягоны ўпаўнаважаны па Быхаўскаму раёну Уладзімір Шрубаў. Ён звярнуўся да навабыхаўчан са словамі ўдзячнасці за добрасумленную і прадукцыйную працу, найлепшымі пажаданнямі і ўручыў Удзячнасць Магаблвыканкама аператару машыннага даення кароў Таццяне Палуэктавай.
Прадоўжыў уручаць узнагароды працаўнікам СВК “Навабыхаўскі” першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерый Шкапцоў, які перад гэтым адзначыў сёлетнія высокія дасягненні працоўнага калектыву гаспадаркі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Яны сталіся магчымымі дзякуючы належнай працоўнай і вытворчай дысцыпліне, выкананню тэхналагічных працэсаў, старанным адносінам да сваіх службовых абавязкаў большасці спецыялістаў і працаўнікоў гаспадаркі.
З рук Валерыя Васільевіча атрымалі Дыпломы раённага выканаўчага камітэта аператар на вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Лілія Пісарэнка і трактарыст-машыніст Сяргей Селіванаў, Удзячнасць райвыканкама — вадзіцель СВК Мікалай Кузьмічоў.
Ганаровай граматы Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК удастоіўся трактарыст-машыніст СВК Віктар Махныткін.
Калектыў Рыхартаўскай малочна-таварнай фермы за лепшыя паказчыкі па выніках зімова-стойлавага перыяду быў заахвочаны каштоўным падарункам, які ўручыла старшыня раённай арганізацыі работнікаў АПК Наталля Мірончык.
Падчас усіх сельскагаспадарчых кампаній года ў гаспадарцы вызначаліся лепшыя працаўнікі, якія станавіліся пераможцамі працоўнага спаборніцтва. Заслужаныя ўзнагароды перадавікам веснавой сяўбы, нарыхтоўкі травяністых кармоў, уборкі рапсу і збожжавых культур, кукурузы, жывёлагадоўчай галіны ўручылі старшыня кааператыва Сяргей Краўцоў і старшыня яго прафкама Васіль Цікавенка.
Тут жа пад апладысменты калег, з уручэннем удзячнасцей і грашовых прэмій за шматгадовую добрасумленную працу адбыліся провады на пенсію чатырох работнікаў сельгаспрадпрыемства.
Вялікую канцэртную праграму з нагоды сваёй штогадовай творчай справаздачы перад насельніцтвам для ўдзельнікаў урачыстасці паказалі работнікі, самадзейныя калектывы і артысты Навабыхаўскага сельскага До-ма культуры. У выкананні вакальнага жаночага калектыву, яго салістаў, настаўнікаў і вучняў Навабыхаўскага ВПК прагучалі песні, былі паказаны жартоўныя сцэнкі сельскагаспадарчай і вясковай тэматыкі.
Асабліва цёпла гледачы ўспрынялі песню “Аграгарадок”, якая суправаджалася дэманстрацыяй цікавай відэападборкі аб паўсядзённым і працоўным жыцці аграгарадка Новы Быхаў, самой гаспадаркі, жыхароў сельсавета.
Мікалай Ахрыменя.