ТЕМЫ

“НАШЧАДКІ“ ЖАЛЕЗНАГА ФЕЛІКСА

Яшчэ з дзесятак гадоў таму ў вёсцы Камарычы Навабыхаўскага сельсавета меліся праўленне калгаса імя Дзяржынскага, школа-васьмігодка, іншая інфраструктура, спадарожнічаючая калектыўнай гаспадарцы. Але яшчэ ранейшы развал Савецкага Саюза, распачатыя ў сельскай гаспадарцы рэформы, старэнне вёскі, іншыя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны прывялі да таго, што спачатку не стала вышэйназванай вёскі, перайменаванай у Тайманава, якая месціцца побач, потым калгаса, а школа займела статус пачатковай.
Ды гэта ў нашы дні. А давайце заглянем у гісторыю. Яна закантавана ў альбомах Тайманаўскай сельскай бібліятэкі, прадстаўленых бібліятэкарам другой катэгорыі Тамарай Куляшовай. Іх тры. Па ўсяму відаць, кожны афармлялі ў розныя гады, але сутнасць іх у прынцыпе адна, бо яны ў пэўнай ступені дапаўняюць адзін аднаго.
Пачнем з дарэвалюцыйнай мінуўшчыны Камарычаў. Тады ў  іх налічвалася каля сотні сялянскіх гаспадарак. Меншая іх палавіна мела ў карыстанні зямельныя надзелы ў 3-5 дзесяцін. Астатнія вяскоўцы былі беззямельнымі. Праўда, іхняе матэрыяльнае становішча мала чым адрознівалася ад маючых зямлю гаспадароў, бо зямля тая не вызначалася ўрадлівасцю. Таму амаль усе сяляне працавалі ў пана Манкевіча, каб зводзіць канцы з канцамі. Па ўспамінах былой батрачкі Ганны Турчанка, людзі рабілі ад цямна да цямна, зараблялі ад 5 да 8 капеек, а фунт цукару каштаваў 10-12 капеек. Таму аднойчы ўзнік бунт. 10 стражнікаў  з ураднікам не змаглі ўтаймаваць раззлаваных сялян. Ім на дапамогу прыбыў атрад казакаў у 200 шабляў. Яны арыштавалі і пасадзілі ў турму Кузьму Куляшова, Макара Стральцова, Капітона Старавойтава, іншых падбухторшчыкаў. Ды масавыя сялянскія выступленні працягваліся. Самавольна секлі лес, палілі стагі сена, вадзяныя мельніцы не толькі ў пана Манкевіча, а і ў паноў-братоў Вільчынскіх, пана Рабцэвіча.
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года змяніла жыццёвы ўклад сялян, асабліва тады, калі пачалася калектывізацыя. Сталі ўтварацца калгасы. У Камарычах узніклі два: “Новы шлях”, “Новае жыццё”. Першымі ў калгас запісаліся Наста Шусцікава, Міхаіл Самуйленка, Параска Дудзенка, Кузьма Коршыкаў, іншыя вяскоўцы, якія пайшлі за прысланым сюды сормаўскім рабочым-дваццаціпяцітысячнікам Шчагловым.
Жыццё калектыўных гаспадарак паступова наладжвалася, але яго парушыла Вялікая Айчынная вайна.
Пра тагачасныя вайсковыя падзеі ў альбоме амаль нічога не сказана, але легендарная Лудчыцкая вышыня 150,9 у баях за якую шасцёра воінаў розных нацыянальнасцяў атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза, — сённяшні сімвал мужнасці і славы народа. А вышыня гэтая месціцца непадалёку ад вёскі і пра яе можна пачытаць у кнізе “Памяць. Быхаўскі раён”.
Пасля выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў з роднай зямлі зноў пачалося мірнае жыццё. У пасляваенныя гады калгасам у Камарычах кіравалі Пятро Двоскін, Міхаіл Гертман, а пазней — Станіслаў Афонькін, Дзмітрый Шпудзейка, Уладзімір Шаблоўскі, Уладзімір Гаўрыленка, Мікалай Шмыгалёў. Пры Шаблоўскім і Гаўрыленку было пабудавана нямала аб’ектаў: гараж для тэхнікі, рамонтная майстэрня, жылы пасёлак з 20 двухпавярховых і 6 аднапавярховых дамоў і так далей.
2002 год для калгаса выдаўся складаным. Ураджайнасць зерневых культур склала ўсяго 16,6 цэнтнера з гектара, бо з-за спёкі каласавыя на многіх участках павыгаралі. І ўсё ж маладзёжны экіпаж у складзе Аляксандра Кавалёва і Мікалая Покуса на старэнькім камбайне “Ніва” намалацілі 250 тон зерня, занялі ў абласным спаборніцтве другое месца сярод экіпажаў другой групы.
Напрыканцы таго ж года абралі новага старшыню праўлення гаспадаркі — Анатоля Шляева.
У наступным годзе калгас імя Дзяржынскага рэарганізавалі ў сельскагаспадарчы  вытворчы кааператыў “Тайманава”, але лягчэй ад перамены назвы не стала. І ўсё ж на жніве маладзёжны экіпаж гэтага СВК у складзе Івана Стальцова  і Сяргея Кавалёва на збожжаўборчым камбайне “Ніва” таксама выйшаў у лідэры маладзёжнага абласнога спаборніцтва.
2004 год даў лепшыя вынікі гаспадарчай дзейнасці, чым папярэдні год. Да таго ж у гаспадарку прыйшлі працаваць маладыя спецыялісты, выпускнікі аграрных навучальных устаноў. Толькі ўжо ў наступным годзе СВК “Тайманава” далучылі да суседняга СВК “Навабыхаўскі”. Старшынёю праўлення аб’яднанага СВК застаўся Анатоль Шляеў. Машына-трактарны парк гаспадаркі папоўніўся новымі вялікагрузным аўтамабілем “МАЗ”, збожжавым камбайнам з агрэгатам для ўборкі кукурузы. Тады ж мясцовую базавую школу перавялі ў суседнюю Лудчыцкую сярэднюю школу.
Пасля аб’яднання  лепей пачала працаваць мясцовая жывёлагадоўля, у многім дзякуючы таму, што болей нарыхтавалі сена, сенажу, сіласу, а вось належнай ураджайнасці зерня, бульбы, карняплодаў не мелі. На падрыхтоўцы кармоў тады пастараліся Іван Стральцоў з Аляксандрам Баранавым, а сярод жывёлаводаў лепшых вынікаў дасягнуў калектыў Камарацкай МТФ, якой загадвала Тамара Куляшова. Ён атрымаў на фуражную карову ў сярэднім 4013 кілаграмаў малака. Яшчэ больш высокі рубеж узялі даяркі Тамара Каржова з Любоўю Кавалёвай.
У 2007 годзе Шляева змяніў малады старшыня Дзмітрый Марціновіч, які ўзначальвае гаспадарку па сённяшні дзень. Тады ж да СВК “Навабыхаўскі” далучылі суседні адстаючы сельгаскааператыў “Ніжнятошчыцкі”. Вытворчыя паказчыкі аб’яднанай гаспадаркі адразу пагоршыліся, але паступова становішча пачало выпраўляцца. На дапамогу маладому старшыні прыйшлі таксама маладыя галоўны заатэхнік, энергетык, ветэрынарны ўрач.
Па лізінгу набылі новыя аўтасамазвал МАЗ з паўпрычэпам, збожжаўборачны камбайн “Палессе”, энерганасычаны колавы трактар МТЗ-3021 з шыроказахопным агрэгатам.
У тым жа годзе адзначыла 100-годдзе свайго нараджэння былая перадавая калгасніца Ганна Давыдаўна Башлыкова. Тады 29 верасня раённая газета “Маяк Прыдняпроўя” надрукавала замалёўку “Разменяла второй век” пра гэтую даўгажыхарку.
Вытворчыя справы калектыўнай гаспадаркі прыкметна палепшыліся ў 2008 годзе. На тагачасным жніве камбайнеры КСЗ-10 Іван Стральцоў з Сяргеем Кавалёвым намалацілі звыш 1000 тон зерня. Яшчэ большую колькасць яго первёз ад камбайнаў на збожжаток на аўтасамазвале МАЗ-555 вадзіцель Аляксандр Піліпенка.
Мянялася, прыгажэла аблічча цэнтральнай сядзібы гаспадаркі — вёскі Новы Быхаў, бо яна стала аграгарадком, а вось Камарычы, дакладней Тайманава, становяцца неперспектыўнаю вёскаю. Ва ўсялякім разе так напісана ў альбоме. Але на маю думку гэта не зусім так. Тайманава перасякае асфальтавая шаша Быхаў-Рагачоў, тут па-ранейшаму працуюць два магазіны змешаных тавараў, сельскі дом культуры з бібліятэкаю, паштовае аддзяленне сувязі, пачатковая школа з дзіцячым садком. Так што не ўсё кепска. Тым болей, што Прэзідэнт нашай краіны за тое, каб адраджаліся не толькі цэнтральныя сядзібы гаспадарак, якія па Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі на 2006-2010 гады сталі аграгарадкамі, а і ўсе буйныя сельскія населеныя пункты. А да такіх можна аднесці Тайманава, якое некалі далучыла да сябе Камарычы — цэнтральную сядзібу былога калгаса, які насіў імя Фелікса Дзяржынскага, галоўнага чэкіста Савецкай Расіі і саратніка яе кіраўніка Уладзіміра Ульянава (Леніна).
У альбоме “Гісторыя вёскі Камарычы” яшчэ ёсць месца, каб апісаць мясцовыя падзеі мінулага года, сённяшнія добрыя справы, бо з цягам часу і яны стануць гісторыяй.

Мікола ЛЕЎЧАНКА.

Последние новости

ГЛАВНОЕ

В Быхове прошел семинар по вопросам законодательства о труде и об охране труда

4 декабря 2024
Читать новость
АКТУАЛЬНО

Профсоюзная приемная по вопросам цен и качества торговли будет работать 5 декабря

4 декабря 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Лукашенко внес поправки в указ о реагировании должностных лиц на критику в госСМИ

3 декабря 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Минздрав предлагает обсудить проект Кодекса о здравоохранении

3 декабря 2024
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Какой будет погода в Беларуси зимой, рассказали синоптики

3 декабря 2024
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Первые гололедные и холодовые травмы регистрируются в Могилевской области

3 декабря 2024
Читать новость

Архивы

Рекомендуем