Незвычайную выставу “Ад прадзедаў спакон вякоў…” прадставіў сваім наведвальнікам раённы гісторыка-краязнаўчы музей
Незвычайную віртуальную этнаграфічную выставу “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, якая прысвечана Году малой радзімы, прадставіў сваім наведвальнікам раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
Сёння многія людзі без важкіх прычын не пакідаюць свае кватэры і хаты. Таму ім даецца магчымасць пабываць на выставе дыстанцыйна. А для гэтага трэба наведаць афіцыйныя старонкі музея ў сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама ў дадатку «Instagram».
— Такім чынам мы знаёмім быхаўчан з канкрэтнымі экспанатамі, распавядаем пра іх, выкладваем патрэбныя фотаматэрыялы. Выстава ўмоўна падзелена на некалькі тэматычных раздзелаў: земляробства, прылады працы для апрацоўкі драўніны і лёну, ткацтва, ёсць і куток гаспадыні, — гаворыць навуковы супрацоўнік музея Яўгенія Федарчук. — Напрыклад, прадстаўляем увазе цэп. Гэта прасцейшая драўляная прылада для малацьбы збожжа. Складаецца з цапільна (гладка выструганая палка) і біча, які вымалочвае зерне. Яны рухома замацаваны паміж сабой.
Цікавасць выклікаюць ночвы — выдзеўбанае з палавінкі дрэва неглыбокае карыта — своеасаблівая пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. У сялянскай гаспадарцы такія ночвы выкарыстоўвалі як патрэбную ёмістасць. У ёй нарыхтоўвалі розныя саленні, здрабнялі капусту, мяса для каўбас, прасейвалі муку. Гэтае невялікае карытца прызначалася таксама для мыцця, купання дзяцей, астуджэння якога-небудзь напою, кармлення жывёлы і птушкі. Зімой сялянскія дзеці ў ночвах мелі нават магчымасць катацца з гары быццам у санках.
Сольніца —пасудзіна, як вы ўжо здагадаліся, для ўтрымання солі. На тэрыторыі Беларусі скарыстоўваўся найбольш пашыраны варыянт сольніц, зробленых з дрэва. Ставіліся яны звычайна на стол побач з хлебам.
Цікавасць выклікае пчалярская прылада для падкурвання пчол дымам у вуллі пад час догляду за імі альбо мёдазбору — дымар, які складаецца з цыліндрычнага корпусу з канічным адкідным верхам і мехам са скуры.
Стрыхоўка — прылада для выраўноўвання саломы, якой накрывалі стрэхі сялянскіх хат, надворных пабудоў. Уяўляе яна сабой тоўстую дошчачку са зробленымі на ніжняй яе паверхні падоўжанымі пазамі. Стрыхоўкай звычайна “падбівалі” ніжнія канцы саломы і пад пэўным нахілам для таго, каб яны былі роўныя.
Дырэктар музея Сяргей Жыжыян адзначыў, што адметная асаблівасць цяперашняй выставы ў тым, што на ёй прадстаўлены арыгінальныя экспанаты з уласных фондаў канца 19-га і першай половы 20-га стагоддзяў. І быхаўчане могуць завітаць у музей і паглядзець выставу як індывідуальна, так і групай, але не больш за пяць чалавек. Для іх навуковыя супрацоўнікі правядуць экскурсію, а таксама пакажуць іншыя прылады, якімі карысталіся ў даўніну нашыя продкі: кросны, збаны, гарлачы, ручнікі, некаторыя іншыя рэчы хатняга побыту.
У музеі да таго ж можна будзе азнаёміцца з беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, тэксты якіх размешчаны на сценах выставачнай залы. Адметнасць іх у тым, што з’яўляюцца яны для цяперашняга пакалення такой вось самабытнай формай захавання і перадачы векавых назіранняў, жыццёвага вопыту і мудрасці нашчадкам. Вось змест некаторых з іх: “Слоў мяшок, а спраў на вяршок”, “Гаспадарку весці — не лапці плесці”. Як бачым, яны актуальныя і ў нашым сённяшнім жыцці.
Сяргей ЛЕЎЧАНКА.