ТЕМЫ

Марыя Пахомава вышывае свае ўзоры на тканіне

Марыя Пахомава вышывае свае ўзоры на тканіне

Узоры на вокнахмалюе мароз, а ў цёплай вясковай хаце доўгажыхарка   Марыя Лазараўна Пахомава вышывае свае ўзоры на тканіне, садзіць насенне для расады пад будучы ўраджай і хоць сёння     гатова ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў  мясцовых саветаў   23 сакавіка 2014 года.

Некалі невялікая вёска Залогаўе, якая размяшчалася адною вуліцаю ўсцяж асфальтавай дарогі паміж большымі вёскамі — Лубянка і Залатва — даўно не існуе як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Яна нідзе не ўпамінаеццца  ў дакументах і толькі тутэйшыя жыхары, калі заходзіць аб некім гамонка, ўжываюць ранейшую назву, а не Лубянкаю, да якой далучылі гэты населены пункт.

IMG_1784

Напамінкам аб лепшых часінах стаіць перад вёскаю і адпаведны ўказальнік, які дарожнікі так і не знялі. Яны, напэўна, правільна зрабілі, бо указальнік нікому не замінае, а, наадварот, напамінае, што была такая вёска.

Зараз ад яе засталася ўсяго некалькі хат, у якіх дажываюць свой век старыя людзі. Сярод іх ёсць і такія, хто перажыў Вялікую Айчынную вайну. І не толькі перажыў. Пятро Рыбакоў, да прыкладу, актыўна ў ёй удзельнічаў. Спачатку партызаніў, а калі прыйшла Савецкая Армія, уліўся ў яе рады, стаў франтавым разведчыкам. Шэраг баявых узнагародаў мае. Ягоная жонка Ганна таксама зведала жахі ваеннага ліхалецця, мела кулявое раненне, бо яе зачапіла кулямётная чарга з нямецкага самалёта, які ў спякотны летні дзень нечакана з’явіўся ў небе над Лубянкаю і пачаў расстрэльваць мірных жыхароў.

IMG_1789

Пра названых людзей мне ўжо давадзілася пісаць, а вось пра Марыю Пахомаву, іх суседку — не. Хоць якая яна Марыя, калі за плячыма ўжо 93 пражытыя гады, а 1 ліпеня, калі дасць Усявышні дажыць, стукне 94. І гэта напярэдадні дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня, што ў нейкай ступені нават сімвалічна.

Марыя Лазараўна таксама перажыла жахі Вялікай Айчыннай вайны, страціла спачатку бацькоў, а потым і сясцёр з братамі, бо іх гадавалася шасцёра.

Даўгажыхарка паказвае альбом з фотаздымкамі, дастае адтуль павялічаны фотаздымак бацькі ў форме салдата царскай арміі.

У Вялікую Айчынную яго схапілі немцы, разам з іншымі палоннымі пагналі ў Магілёў. Каб сустрэцца з ім, старэйшыя дзеці, калі даведаліся, пайшлі туды, наведалі гарадскую турму, іншыя месцы, дзе ўтрымліваліся савецкія вязні, але свайго роднага чалавека так і не знайшлі. Прапаў, як кажуць у такіх выпадках, без вестак.

Ужо ў мірныя дні  Марыя пачала жыць у Залогаўі з чалавекам, у якога не стала жонкі, але была дзяўчынка, дачка. У гэтай хаце нарадзіла яшчэ пяцёра дзяцей, выхавала іх. Дзеці, нібы птушкі, разляцеліся па свету, а яна засталася тут адна, бо гаспадара не стала больш трыццаці год таму.

Рабіла ў калгасе паляводам, цялятніцаю, адна выпраўляла ў жыццё дзяцей, якія цяпер не забываюць сваю матулю. Асабліва сын Андрэй з Магілёва, дачка Раіса з Быхава. Сацыяльная служба таксама наведвае. Дарэчы, яе спецыяліст Алена Яніна і падказала мне, каб напісаў пра нялёгкі лёс гэтай добрай, працалюбівай жанчыны.

Я ўжыў слова “працалюбівай” не выпадкова, хаця аб якім ужо працалюб’і можна казаць у адносінах да чалавека такога вельмі паважанага ўзросту. Аказваецца, можна, бо доўгажыхарка не сядзіць без справы не толькі днём, а і доўгімі зімовымі вечарамі. Прычым не толькі каля экрана свайго каляровага тэлевізара. Гаспадыня даўно захапілася вышаўкаю і займаецца ёю па сённяшні дзень. Сурвэткі, накідкі розныя упрыгожваюць ложкі, падушкі.

—    Зараз не вышываю, гляджу толькі тэлевізар, — удакладняе яна.

—     Чаму так? — пацікавіўся я.

—    Таму што мулінэ, ніткі спецыяльныя і разнакаляровыя скончыліся, — паследаваў адказ. — А як толькі дзеці іх мне прывязуць, адразу займуся любімаю справаю.

Паміж сталом з тэлевізарам і ложкам стаіць швейная машына з нажным прывадам. Заўважыўшы маю цікаўнасць, Марыя Лазараўна сказала, што гэта тэхніка зроблена нямецкаю фірмаю “Зінгер”. Машыну бацька недзе набыў яшчэ да вайны. А ў час вайны яе закапалі ў зямлю. Калі ж прыйшло вызваленне, то дасталі і машына гэтая спраўна служыла потым многія гады.

—    Цяперака стаіць без справы, нешта ў ёй сапсавалася, ды яна мне ўжо і не патрэбна, — шчыра прызналася гасцінная гаспадыня. — Час ужо не той, дзяцей малых няма, ды і ўсё неабходнае можна купіць у магазіне альбо на базары. Асабіста ж у мяне адзення хапае.

У невялікай хаце гаманлівай суразмоўцы поўны парадак: чыста, утульна, цёпла. Горка сухіх бярозавых паленаў узвышаецца каля печы. Калі задзьме завіруха, то іх хопіць не меней чым на тыдзень. Але па ўсяму відаць завірухі не прадбачыцца. На двары ўладарыць траскучы хрышчэнскі мароз-мастак, які размаляваў шыбіны вокнаў хаты дзівоснымі ўзорамі, а нешта падобнае вышыла на тканіне пражыўшая вельмі вялікае жыццё майстрыха.

Хоць і зімовае, але яркае сонца паволі апускаецца з нябеснай сінечы бліжэй да гарызонту, хаваючыся за вершалінамі дрэў. Марыя Лазараўна, цяплей апрануўшыся, выходзіць з намі з хаты. Двор яе ачышчаны ад снегу, як і каля варот.  “Значыць, нехта прыязджаў з дзяцей, дапамог”, — мільганула ў галаве думка.

А Пахомава ўжо думае пра вясну, распавядае, што пасадзіла на расаду насенне памідораў, якія летась на ейных градках урадзілі вельмі багата. Хапіла сабе, дзецям. Таму пастараецца мець добры ўраджай і сёлета.

Мне засталося толькі пажадаць бабулі здароўя, каб яе жаданне спраўдзілася.

Мікола КОЛАСАЎ.

Последние новости

ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

На мемориале воинской славы “Лудчицкая высота” прошло торжественное мероприятие, приуроченное ко Дню судебного эксперта

23 апреля 2025
Читать новость
ОБРАЗОВАНИЕ

«Диктант Победы» напишут 25 апреля школьники и студенты региона

23 апреля 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Уникальная книга «Наш Президент» поступила в фонды библиотек Централизованной библиотечной сети Быховского района

23 апреля 2025
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Назначение в Быховском районе

23 апреля 2025
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Быховский филиал «Белмит» ЗАО «Серволюкс Агро» продолжает занимать лидирующие позиции в мясоперерабатывающей отрасли Беларуси

23 апреля 2025
Читать новость
80 мирных лет

Детская школа искусств проводит творческую патриотическую акцию «Поклонимся великим тем годам»

23 апреля 2025
Читать новость

Архивы

Рекомендуем