На грамадскай пасадзе

Каля дзесяці гадоў таму на аснове зменаў і дапаўненняў у заканадаўчыя акты пачалося рэфармаванне органаў мясцовага самакіравання краіны. Стаў стварацца інстытут старэйшын (стараст), якіх па прапановах сельскіх выканаўчых камітэтаў выбіралі на сходах грамадзян па месцы жыхарства. Кандыдатурамі з’яўляліся, як правіла, аўтарытэтныя жыхары сталага веку, з пэўным жыццёвым і працоўным багажом.
—Як жа я здзівілася, калі старшыня Абідавіцкага сельвыканкама Алег Шадурын перад пачаткам кампаніі прапанаваў мне стаць на чале органа мясцовага самакіравання ў Палянінавічах, — расказвае старэйшына гэтай вёскі Надзея Старасціна (на здымку). — На ўсе мае аргументы наконт адносна маладога ўзросту, не самага вялікага стажу ды яшчэ не набытага аўтарытэту Алег Міхайлавіч парыраваў, што ўсё гэта — справа нажыўная. Галоўнае, каб былі пачуцці адказнасці, спагадлівасці, уменне ды жаданне слухаць і чуць людзей. Жыхары вёскі паслухаліся старшыню ды даверылі мне гэтую грамадскую пасаду.
За прайшоўшы амаль дзесятак год сапраўды шмат чаго нажылося, назбіралася і, як мне здаецца, у галоўным — служэнні грамадскай справе, я людзей не падвяла. Як па гэтай дзейнасці, так і па асноўнаму свайму занятку — працы бібліятэкарам Палянінавіцкай сельскай бібліятэкі, стараюся ўлічваць патрэбы і клопаты вяскоўцаў, быць пасярэднікам паміж імі і органамі ўлады. Пастаянна ўдзельнічаю ў пасяджэннях сельвыканкама, на сесіях сельскага Савета дэпутатаў, два скліканні запар выбіралася ягоным дэпутатам.
Па роду працы ў мяне маюцца магчымасці і зручнасці даводзіць рашэнні, распараджэнні ды іншыя дакументы выканаўчай і прадстаўнічай улады да ведама людзей. Раблю гэта як на працоўным месцы, так і пры наведванні свайго абслугоўваемага кантынгента па месцы жыхарства. Тут жа занатоўваю пытанні і прапановы аднавяскоўцаў як асабістага, так і рознага грамадскага характару. Гэта тычыцца, да прыкладу, забеспячэння палівам праз лясніцтва, апрацоўкі прысядзібных участкаў, праблем санітарнага стану вуліц, вулічнага асвятлення і г. д. У арганізацыі выканання запатрабаванняў людзей маю добрае паразуменне і падтрымку з боку кіраўніцтва сельвыканкама.
Цяпер ідзе кампанія па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у якой я з’яўляюся сакратаром участковай выбарчай камісіі Палянінавіцкага ўчастка для галасавання №25. Гэта патрабуе ад мяне яшчэ болей патрабавальна адносіцца да працы і грамадскіх абавязкаў, што я імкнуся і рабіць.
Мікалай Ахрыменя,
Таццяна Яўсеева (фота).