Юрый Панцэр – спецыяліст шырокага профілю

Трактарыст СВК “Валадарскі” Юрый Панцэр (на здымку), хоць яшчэ малады па ўзросту чалавек, ужо лічыцца ў гаспадарцы вопытным ды ўмелым механізатарам. І гэта не толькі з-за таго, што за плячыма ў яго маецца 17 гадоў стажу працы па дадзенай прафесіі, але і таму, што справу сваю ведае дасканала, выконвае якасна, з творчым падыходам. А яшчэ Юрый Юр’евіч — спецыяліст шырокага профілю што тычыцца працы з рознымі відамі машын, прычапной тэхнікі і агрэгатаў. Таму і давярае яму кіраўніцтва гаспадаркі выкананне складаных ды адказных агратэхнічных і іншых работ на сяўбе, корманарыхтоўцы, ўборцы ўраджаю.
Пра гэта сведчыць, да прыкладу, ягоны сёлетні працоўны расклад. Падчас зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы на сваім МТЗ-82 абслугоўваў фермы, а калі пачаліся раннія палявыя работы, то заняўся ўнясеннем у глебу мінеральных угнаенняў. Увесну на ягоным рахунку быў таксама такі складаны від агратэхнічных работ, як сяўба кармавых буракоў.
У перыяд летняй нарыхтоўкі кармоў Юрый Панцэр працаваў на кормаўборачным комплексе УЭС-2-250 “Палессе”, на якім касіў і здрабняў травы на сянаж, адгрузіўшы на закладку каля двух тысяч тон зялёнай масы. Тая сельгаскампанія прадоўжылася жнівом, якое пачалося ўборкаю рапса ўжо ў першай дэкадзе ліпеня.
—Сёлетняя ўборачная кампанія нам з напарнікам Ягорам Грудавым, па вялікаму рахунку, удалася няблага, — працягвае расказваць субяседнік. — Працавалі на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 стабільна. Намалацілі каля 200 тон рапса і 1337 тон збожжавых, што з’яўляецца добрым паказчыкам нават у раённых маштабах.
Своечасова справіліся са жнівом на палетках сваёй гаспадаркі, а таксама дапамаглі на ўборцы збожжавых земляробам СВК “Быхаўскі” і сельгасфіліяла “Гарадзец” ААТ “ПМК-85 “Водбуд”.
Для мяне ўборка ўраджаю прадоўжылася і ўвосень, калі зноўку сеў за руль свайго кормаўборачнага камбайна, каб нарыхтоўваць ужо кукурузны сілас. Тут я дасягнуў паказчыка каля 2400 тон нарыхтаванай сіласнай масы. Гэтым жа камбайнам з дапамогаю спецыяльнага навяснога агрэгата ўбіраў буракі.
Па выніках працы ў гэтым сельскагаспадарчым годзе Юрый Панцэр стаў адным з лепшых механізатараў гаспадаркі, ушанаваны і матэрыяльна заахвочаны ў гонар Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
Мікалай Іваноў.