Чакаюць у кожнай хаце

У адной з самых аддаленых вёсак раёна Іскань не зайздросны лёс. Раней яна была цэнтральнаю сядзібаю даволі моцнага у эканамічным плане калгаса “Іскра”, які меў важкія поспехі ў раслінаводстве, асабліва ў льнаводстве. За лён іскраўцы ўдастойваліся Пераходных чырвоных сцягоў не толькі ў Беларусі, а і ў Савецкім Саюзе. Але даўно гэта было. Аб дасягненнях тагачаснай гаспадаркі ведаюць і памятаюць старэйшыя людзі, а моладзь, моладзі там ужо нямнога. Пасля таго, як не стала калгаса, а дагэтуль яго далучалі да суседняга калгаса “18 партз’езд” (цяпер гэта СВК “Абідавічы” — аўтар), а потым узнаўлялі зноў двойчы, ён болей ужо не адрадзіўся. І вёска на вачах пачала старэць. Спачатку ў ёй не стала базавай школы, затым комплекснага прыёмнага пункта, сельскага Дома культуры, бібліятэкі, фельчарска-акушэрскага пункта…
Цяпер тутэйшыя людзі карыстаюцца толькі паслугамі магазіна ды аддзялення паштовай сувязі. Аўтобус з Быхава па графіку ходзіць. І не толькі з Быхава. Яшчэ з савецкіх часоў курсіруе сюды маршрутны аўтобус нават з абласнога цэнтра. Маршрут гэты так і называецца “Магілёў – Іскань”. Вяскоўцы да яго прывыклі і нават здзіўляюцца, што яшчэ не адмянілі, хаця спробы былі. Ды тутэйшы люд са старэйшынаю вёскі, былым дырэктарам васьмігодкі Галінай Сцяпанаўнай Шульга адстаялі. І дзякуй Богу.
Нядаўна ў суботні дзень давялося наведаць Іскань, дакладней будзе сказаць яго паштовае аддзяленне сувязі, дзе начальнікам Ірына Бачурына. Гадзіннік паказваў ужо за 14.00 і я нават не спадзяваўся, што пошта яшчэ працуе, паколькі ў яе памяшканне ніхто не заходзіў і не выходзіў. Усё ж вырашыў узяцца за ручку дзвярэй. Так, на ўсялякі выпадак. Пацягнуў на сябе і яны адчыніліся. Акрамя самой Ірыны Васільеўны там болей нікога не было. Мы павіталіся.
— І дзе ж вашы кліенты? —пытаюся.
— Яшчэ прыйдуць, — у тон адказала яна, не хаваючы адкрытай усмешкі. — А потым параіла паглядзець на гадзіннік.
Было зразумела чаму. У гаспадыні аддзялення ўжо быў абедзены перапынак, але яна затрымалася, каб спакойна разабрацца з дакументамі без наведвальнікаў. Памкнуўся было павярнуць назад, але яна як бы мімаходзь заўважыла, што прысутнасць іншага чалавека ёй не перашкодзіць і праз колькі хвілін можна будзе пагаманіць.
Хвіліны гэтыя праляцелі хутка. Неўзабаве мы ўжо вялі гамонку ў дзелавым накірунку. Ірына Васільеўна адразу сказала, што станавіцца паштовым работнікам ніколі нават не думала, бо па спецыяльнасці яна фармацэўт. Аптэкі ж паблізу нідзе няма. Вось дзевяць гадоў таму, калі з’явілася магчымасць працаўладкавацца сюды, адразу згадзілася. Жыць жа неяк трэба, тым болей, калі ў цябе сям’я, двое дзяцей, якіх трэба карміць, апранаць, вучыць. Муж тады рабіў у калгасе механізатарам. Заробкі меў неблагія, а потым яны сталі ўсё меней, меней. А тут яшчэ бабуля захварэла, ды так, што давялося затым яе глядзець, дакладней даглядаць. Звольніўся гаспадар з калгаса, аформіўся сацыяльным работнікам. Цяперака працуе дома, даглядае старую і ўласную гаспадарку. Там поўны парадак. А калі так, то жонцы таксама добра, можна працаваць са спакойнай душой. І яна старанна працуе, мае добрыя вынікі, чым задаволены не толькі вяскоўцы, а і начальства раённага вузла паштовай сувязі. Па выніках работы за мінулы год план тавараабароту паспяхова выкананы, рэнтабельнасць склала 41,5 працэнта. Такую лічбу мне потым абвясціла намеснік начальніка паштовай сувязі Алена Дазорцава. І вельмі станоўча ахарэктыразавала сваю падначаленую, якая працуе ў даволі няпростых умовах.
Шчыра кажучы, у няпростых умовах зараз працуюць усе. Не здарма ж у народзе кажуць: “Добра заўсёды там, дзе нас няма”. І з такою высноваю нельга не пагадзіцца, бо ў кожнай прафесіі ёсць свае асаблівасці, тыя ці іншыя праблемы. На вёсцы ж іх хапае асабліва. Тым болей у вёсцы за тры дзесяткі кіламетраў ад райцэнтра, дзе яшчэ пражываюць недзе 204 жыхары, з якіх 62 пенсіянеры. Да таго ж трэба абслугоўваць жыхароў такіх невялікіх вёсачак як Лосеўка, Доўгае, Трасціўка, Кулага.
Ірына Васільеўна абслугоўвае адна, бо штатным раскладам нават адзін паштальён не прадугледжаны. Вось і плануе працоўны дзень так, каб частку часу скарыстоўваць непасрэдна ў аддзяленні сувязі, затым ісці да тых, хто сам не можа прыйсці ў Іскані, з Лосеўкі ці Доўгага. Ім яна нясе альбо вязе, калі ёсць такая магчымасць, на веласіпедзе ці нейкім іншым спадарожным транспарце ўсё неабходнае.
Трасціўку, Кулагу абмінае. Яе жыхароў аб’язджае пошта на колах з раённага вузла паштовай сувязі, што садзейнічае своечасоваму, якаснаму абслугоўванню тамашніх вяскоўцаў згодна графіка.
Наведвае Іскань адзін раз на тыдні фельчар з аграгарадка Абідавічы Наталля Усцінава, каб зрабіць патрэбныя прафілактычныя мерапрыемствы, аказаць медыцынскую дапамогу хворым людзям.
Для людзей працуе таксама Ірына Васільеўна. У яе паштовым аддзяленні зараз можна купіць амаль усё, што неабходна вяскоўцам: кансервы розныя, тушонку, пячэнне, цукеркі, алей, мыючыя сродкі і так далей. Тавары гэтыя няхай сабе і не на многа, але ўсё ж танней, чым у магазіне райспажыўсаюза. Людзі ж жывуць не багата, лічуць кожны рубель, памятаючы даўнюю прымоўку аб тым, што капейка і рубель беражэ. Таму ахвотна ідуць да Бачурынай.
З набліжэннем вясны многія ўжо купляюць насенне розных сельскагаспадарчых культур. Цыбулю-сявок раскупілі, буракі двух гатункаў таксама, а морква, агуркі, што-кольвечы іншае яшчэ ёсць.
— Прывязуць яшчэ і тое, што раскупілі, — удакладняе начальнік паштовага аддзялення, — бо час яшчэ ёсць, а заяўкі мае выконваюцца заўсёды аператыўна. Тым болей такога кшталту.
Ірына Васільеўна ахвотна распавядае пра свае паштовыя справы, раз-пораз паглядаючы на гадзіннік. Разумею, што яна спяшаецца, што ёй яшчэ патрэбна многае зрабіць да канца працоўнага дня, каб своечасова патрапіць да дому, заняцца хатнімі справамі.
Мікола КОЛАСАЎ.