Паштовая сувязь: Цэніць народ

Набліжаўся вечар. Працоўны дзень скончыўся і можна зачыняць установу, спакойна ісці да хаты, але начальнік Дунайкоўскага аддзялення сувязі Ірына Калеева не спяшалася. Ды і куды спяшацца, калі паўсюдна снег, а з астатнімі справамі ўправіцца яшчэ паспее. Да таго ж, Валянціна Маскалёва, якая цяпер выконвае абавязкі старшыні Ямніцкага сельвыканкама, папрасіла затрымацца. Вось і чакае.
Чакаць давялося нядоўга, а размова наша пайшла ў звычайным жыццёвым русле, нетаропка. Ад Ірыны Мікалаеўны адразу даведаліся, што ў зону яе паштовага абслугоўвання, акрамя Дунайка, уваходзяць вёскі Хамічы, Вязьма, Праточнае, Уюн, Гамарня, Клятное. Паштальёны ёсць толькі ў Дунайку, Вязьме. Астатнія ж сельскія населеныя пункты абслугоўвае так званая пошта на колах. Гэты спецыяльны аўтамабіль раённага вузла паштовай сувязі па графіку дастаўляе па прызначэнню ўсю неабходную вясковаму люду паштовую карэспандэнцыю.
Толькі гэта зусім не азначае, што жыхары рэдка наведваюць паштовае аддзяленне. Наведвальнікаў багата кожны працоўны дзень, бо тут можна купіць многае, што ёсць і ў сельмазе, які месціцца побач, але ў сельмазе такі тавар некалькі даражэйшы па цане. Няхай сабе даражэй і не на многа, але за месяц эканомія відавочная. Гэтым і карыстаюцца вяскоўцы.
Апошнім часам яны сталі адпраўляць пакрысе пасылкі. Нямнога, праўда, усяго 2-3 на працягу месяца, але раней не было і гэтага.
— А куды адпраўляюць? — цікаўлюся.
— У гарады, вядома, — пачуў адказ, — але толькі ў межах Беларусі.
— За мяжу хіба не адпраўляюць зусім?
— Адпраўляюць. Толькі вельмі мала, 1-2 пасылкі за год, бо няма туды каму пасылаць.
Начальнік аддзялення распавядае аб падпісцы на перыядычныя выданні, аб рэнтабельнасці мясцовай пошты, бо па гэтаму паказчыку яна ў лідарах спаборніцтва сярод сельскіх паштовых аддзяленняў, дасягнула за мінулы год 70 працэнтаў.
Найбольш чытаемая газета ў вяскоўцаў — раённы “Маяк Прыдняпроўя”. Яго атрымліваюць болей 110 жыхароў, а іх усіх каля 580. Другая чытаемая газета — рэспубліканская “СБ. Беларусь сегодня” ці, як кажуць старыя людзі, “Советская Белоруссия”.
Ірына Калеева загадвае аддзяленнем ужо 14 гадоў, працуе ў цесным кантакце з мясцоваю ўладаю, кіраўніцтвам раённага вузла паштовай сувязі. Таму і праца спорыцца. Людзі на Ірыну Мікалаеўну не крыўдзяцца таксама, бо па характару яна чалавек камунікабельны, актыўны, з пачуццём гумару. А гэтыя якасці народ заўсёды цэніць.
Мікола КОЛАСАЎ.