Трымаюць марку лепшых

Прыпамінаю Глухскае аддзяленне паштовай сувязі гады чатыры таму назад, калі яно месцілася ў адным памяшканні з праўленнем тагачаснага СВК “Глухі”, а ўваход у яго быў з правага боку, так бы мовіць, з тарца. Гэта быў невялікі, нават цесны пакой, дзе не мог умясціцца нават дзесятак наведвальнікаў. Начальнік аддзялення Марыя Разахацкая аднойчы наракала, што даўно наспела праблема новага памяшкання. Няхай сабе і не асобнага, але прасторнага, зручнага, каб працавалася і яшчэ хацелася.
Мара Марыі Мікалаеўны, якая аддала пошце больш за сорак гадоў свайго працоўнага жыцця, збылася. Неўзабаве аддзяленню выдзелілі патрэбную карысную плошчу на першым паверсе, з правага яго боку, мясцовай урачэбнай амбулаторыі. Вось толькі парабіць тут ветэрану больш не давялося — пайшла на заслужаны адпачынак. Замест яе прыйшла сюды Галіна Сухадольская.
— Тады пачыналася аптымізацыя паштовых аддзяленяў, у вёсцы Сяліба, побач з Глухамі, аддзялене зачынілі, а я там ім загадвала, і прапанавалі пайсці сюды, — узгадвае суразмоўца, — давялося згадзіцца. З таго часу і працую.
Зусім невялікі калектыў аддзялення зараз прадстаўляюць сама Сухадольская і паштальён Ніна Пакрашынская (на здымку — справа налева). Калі першая адпрацавала ў галіне 15 гадоў, то другая на адзін год болей. Але істотнай розніцы ў прафесіянальнай падрыхтоўцы няма. Абедзве выдатна ведаюць свае службовыя абавязкі, паспяхова з імі спраўляюцца. Таму і вынікі сумеснай працы адпаведныя. На відным месцы выстаўлены Дыплом раённага выканаўчага камітэта, якім адзяленне ўзнагароджана за 2012 год як пераможца раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў сярод арганізацый сферы абслугоўвання.
Добра складваюцца паказчыкі і сёлетняга года. Сярэднемесячны тавараабарот складае недзе 10 мільёнаў рублёў. Калі ўлічыць, што амаль побач з аддзяленнем знаходзіцца два магазіны райспажыўтаварыства, а трэці — на адлегласці каля кіламетра, у Глухскай Сялібе, то гэты паказчык даволі неблагі.
Аддзяленне абслугоўвае крыху больш 400 чалавек насельніцтва ў аграгарадку Глухі, прылягаючай да яго вёскі Сяліба, а таксама вёскі Заброддзе, Ямішча. У Заброддзі ўжо амаль нікога не засталося, а ў Ямішчы некалькі сем’яў жывуць. Да іх за тры кіламетры і дабіраецца Пакрашынская з перыёдыкаю, пераводамі, ін-шымі паштовымі адпраўленнямі. У большасці сваёй яе сумка запоўнена перыядычнымі выданнямі. 41 вясковец выпісвае зараз газету “СБ. Беларусь сегодня”, якую людзі ведаюць яшчэ з савецкіх часоў як “Советскую Белоруссию”, 69 —сваю раённую газету “Маяк Прыдняпроўя”.
Ідзе падпісная кампанія на другое паўгоддзе сёлетняга года, таму хацелася б, каб нашымі чытачамі былі не толькі сённяшнія падпічсыкі, а і новыя. Мы ж будзем старацца рабіць газету яшчэ болей змястоўнай, цікавай.
Увогуле, ў аддзяленні можна купіць многае, акрамя, зразумела, спіртных напояў, каўбас, іншых мясных прадуктаў харчавання. А вось штучны тавар — пернікі, алей, фасаваныя крупы, мінеральную ваду, цукеркі розныя — калі ласка.
Можна нават заказаць складана-бытавую тэхніку і яе абавязкова прывязуць.
Па-ранейшаму аказваецца паслуга “Тавары — поштай”. Заказвай і абавязкова атрымаеш патрэбную рэч.
Мікола КОЛАСАЎ.