Раман Галынскі: “Без глыбокага разумення свайго мінулага немагчыма ўпэўнена будаваць светлую будучыню”

— Указам №1 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2022 год Годам гістарычнай памяці. І асабіста для мяне гэта вельмі значная падзея. У першаю чаргу таму, што з’яўляюся прафесійным гісторыкам, які павінен вывучаць і даводзіць да людзей пэўныя веды абгрунтавана, без эмоцый і зводзіць да мінімума вольныя выказванні, абапіраючыся выключна на рэальныя факты з іх наступным аналізам.
Мы – беларусы, маладая нацыя, якая мае глыбокія старажытныя карані. Нам шмат чым ёсць ганарыцца: і Рагвалодам з Рагнедаю, Францыскам Скарынаю і Львом Сапегам, Казімірам Семяновічам. Пералік выбітных гістарычных асоб можна прадаўжаць і надалей, асабліва дзеячаў ХХ–ХХІ стагоддзяў. І тут я маю на ўвазе толькі асоб слынных у міжнародным значэнні, не кажучы ўжо аб вядомых для беларускіх земляў людзях. Спіс жа гістарычных падзей, у якіх вызначыліся нашыя землякі, па вялікаму рахунку не абмежаваны.
Год гістарычнай памяці дае да таго ж магчымасць нагадаць усім — і нашым суседзям і “калектыўнаму Захаду”, што мы – беларусы, мірныя людзі, але памятаем пра сябе ўсё. Таму ў скажальнікаў гісторыі не атрымаецца зрабіць з нас бязмоўнае быдла, у якое яны імкнуцца пераўтварыць свет, рабіць з іншых народаў і краін сыравінныя ды рэсурсавыя дадаткі для “сваёй дэмакратычнай цывілізацыі”.
Самай яркай, але надзвычай трагічнай падзеяй, якая паўплывала на станаўленне беларусаў як нацыі, стала Вялікая Айчынная вайна. Вайсковым злачынцам, карнікам акупацыйнага гітлераўскага рэжыму, што знішчалі народы і этнасы (не толькі насельнікаў СССР, але і былой Югаславіі, Польшчы, шэрагу іншых краін), шматлікія прадстаўнікі Захаду даўно даравалі тыя злачынствы. Больш таго, яны нават выкарыстоўвалі іх у сваіх каланіяльных мэтах, у вайсковых канфліктах другой паловы ХХ стагоддзя. Такое ў нас, беларусаў, не магчыма, бо мы ўсё вельмі добра памятаем. Не здарма ж Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь вядзецца расследаванне з нагоды ўзбуджанай крымінальнай справы па фактах здзяйснення нацысцкімі злачынцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны генацыду супраць беларускага народа. Больш таго, адпаведныя артыкулы за нумарамі 15 і 54 прапісаны ў праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь для ўсенароднага абмеркавання.
Год гістарычнай памяці таксама нагадвае нам яшчэ і аб тым, каб мы ўсвядомілі ды асэнсавалі, хто мы зараз ёсць, звярнуць асаблівую ўвагу на шматлікія помнікі, абеліскі, братнія магілы паўсёй краіне, успомніць сваіх продкаў, бо гістарычная памяць – той самы трывалы падмурак, на якім не толькі будуецца, але і трымаецца нацыя. Без глыбокага разумення свайго мінулага, пагадзіцеся, немагчыма ўпэўнена будаваць светлую будучыню.
Сама гісторыя нам яскрава паказала і працягвае паказваць, што толькі разам мы пераадолеем усе цяжкасці, бо, як казаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе”.