У Быхаве прайшоў гала-канцэрт “Народныя таленты табе, Беларусь” (фота)
Напэўна, многім запомніліся конкурс “Новыя імёны Беларусі”, грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы — разам” з удзелам беларускіх “зорак”, праведзеныя Федэрацыяй прафсаюзаў у гэтым годзе. Лагічным працягам гэтых акцый стаў гала-канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў “Народныя таленты табе, Беларусь”. Галоўная яго мэта — падвядзенне вынікаў Года культуры і ўзнагароджанне тых, хто найбольш вызначыўся ў прафсаюзным жыцці.
Праграма мерапрыемства была насычанай і цікавай. Цэнтральныя ролі адыгрывалі самадзейныя артысты, якія адзін за адным выходзілі на сцэну, каб здзівіць і ўразіць гледачоў. І гэта атрымоўвалася, доказам чаму сталі гучныя апладысменты гасцей.
Кожны, хто выступіў, быў адзначаны Дыпломам удзельніка. А тыя, хто найбольш актыўна ўдзельнічалі ў культурным жыцці рэгіёна на працягу года, акрамя дыпломаў атрымалі і каштоўныя падарункі. Спіс арганізацый, дзе працуюць актывісты, досыць вялікі: раённы цэнтр дзіцячай творчасці, цэнтральная раённая бальніца, цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў, дом-інтэрнат, Грудзінаўскі і раённы цэнтры культуры, а таксама дзіцячая школа мастацтваў.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Прыбарэц падкрэсліла, што ўсе калектывы, безумоўна, варты падзякі і ўзнагарод за сваю творчасць, арыгінальнасць. З сямі ўзнагароджаных трэба вылучыць медрэгістратара цэнтральнай раённай бальніцы Таццяну Лагунову, якая ўжо другі год прымае актыўны ўдзел ва ўсіх прафсаюзных мерапрыемствах, мае вялікі творчы патэнцыял і ўжо пакарыла сэрцы многіх сваім вакалам.
Гучны і відовішчны фінальны акорд канцэрту паставіў харэаграфічны калектыў “Надзейка”. Замалёўка “Гэта Беларусь” у прамым сэнсе ўзняла залу з месцаў.
Кацярына СВІРЫДЗЕНКА.