ТЕМЫ

Прайшла вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння славутага земляка- пісьменніка Васіля Ткачова

Прайшла вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння славутага земляка- пісьменніка Васіля Ткачова

Вялікае літаратурнае свята адбылося ў вёсцы Хатоўня Рагачоўскага раёна. Тут, у сельскім Доме культуры, прайшла вечарына, прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння славутага земляка- пісьменніка, драматурга і публіцыста Васіля Ткачова.

Загадчыца Хатаўнянскай сельскай бібліятэкі Таццяна Лізуновападрыхтавала выстаўку кніг і публікацый, зрабіла агляд твораў пісьменніка-юбіляра, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прэміі імя Васіля Віткі. А сам Васіль Юр’евіч, дэманструючы фотаздымкі,  падзяліўся ўспамінамі пра дзяцінства, якое прайшло сярод дарагіх яму людзей спачатку у вёсцы Гута Рагачоўскага раёна, дзе нарадзіўся, а затым і ў вёсцы Іскань Быхаўскага раёна, дзе правёў дзіцячыя і юнацкія гады, вучыўся ў васьмігадовай школе. Як падкрэсліў пісьменнік, амаль усе станоўчыя героі шматлікіх ягоных твораў узяты з асяроддзя землякоў, бо аўтар іх выдатна знаў. І цяпер ён падтрымлівае цесныя стасункі з жыхарамі мясцовых населеных пунктаў, ведае іх клопаты і турботы, увасабляе вобразы землякоў, іх бацькоў і дзядоў, увекавечвае ў сваіх апавяданнях, аповесцях, рамане, п’есах, эсэ, нарысах.

За гэта яму вялікую падзяку на вечарыне выказвалі самі землякі – настаўнікі, работнікі культуры, сельвыканкама,  вяскоўцы, якія добра ведаюць творчасць Васіля Ткачова, любяць яго самога і ягоныя кнігі. Таму шчыра жадалі  пісьменніку моцнага здароўя, новых творчых поспехаў, дарылі кветкі і падарункі на памяць.

Віталі юбіляра і госці – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, Мікола Леўчанка, Уладзімір Шпадарук,  Міхась Сліва, Віктар Купрыянчук. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч ад імя праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі пад апладысменты ўручыў Васілю Ткачову самую высокую пісьменніцкую ўзнагароду – медаль “За вялікі ўклад у літаратуру”, а таксама Ганаровую грамату абласной пісьменніцкай арганізацыі.

Шмат цёплых слоў і пажаданняў  выказаў у сваім выступленні і госць з Быхаўшчыны – паэт, празаік, публіцыст, лаўрэат прэмій за дасягненні ў літаратурнай і журналісцкай дзейнасці, галоўны рэдактар газеты “Маяк Прыдняпроўя” Мікола Леўчанка, які прывёз Васілю Юр’евічу не толькі падарунак, але і вельмі дарагога для юбіляра чалавека — ветэрана педагагічнай працы,  былога дырэктара Ісканскай базавай школы і любімую настаўніцу — Галіну Сцяпанаўну Шульгу, якая нагадала сваю першую сустрэчу з будучым слынным літаратарам.

Мікола Уладзіміравіч прысвяціў шаноўнаму юбіляру свой вершаваны шарж, які зачытаў са сцэны.

СЯБРОЎСКАЕ (юбіляру Васілю Ткачову)
Вось ужо амаль паўвека —
Лепей справы не знайшоў —
Услаўляе чалавека,
Выкрывае лаўкачоў.
З намі тут сядзіць не лірык,
Віртуоз прыгожых слоў,
А празаік і сатырык,
Драматург Васіль Ткачоў.
Гумарэсак вабных аўтар,
Раманіст ды публіцыст,
А спатрэбіцца дык заўтра
Ён — вайсковы журналіст.
Наш Васіль усё ўмее,
Наракаць на лёс тут грэх,
Асабліва калі спее
У душы здаровы смех.
І тады ўбачыць поўня
З недасяжнай вышыні,
Як рагоча ўся Хатоўня
У вячэрняй цішыні.

Усіх — і гасцей, і гледачоў, а іх была поўная зала — парадавала ігра  прафесійных  і самадзейных акцёраў, якія паказалі некаторыя драматычныя творы Васіля Ткачова. Гэта артыст тэатра і кіно Аляксей Бычкоў з Гомеля, тэатр Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны “Люстэрка” (урывак са спектакля “Гомельскія байкі”), навучэнцы мясцовай школы (урывак з п’есы “Нехта ходзіць пад акном”).
Мерапрыемства працягвалася больш чатырох гадзін, але было такім цікавым і насычаным, што праляцела як адно імгненне. Імгненне яркае,  адметнае, як і талент Васіля Ткачова. І назаўжды застанецца ў памяці і сэрцах яго ўдзельнікаў.

Міхась КАВАЛЁЎ, г. Рагачоў.

Последние новости

ГЛАВНОЕ

Каков уровень радиационной безопасности в Беларуси, рассказали в Госатомнадзоре

22 апреля 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

ОСВОД напомнил правила поведения на воде

22 апреля 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Как сказывается жаркая погода на сельхозкультурах и опасаться ли заморозков, рассказали в Белгидромете

22 апреля 2025
Читать новость
ЭКОНОМИКА

Проведение весенних полевых работ на контроле органов прокуратуры Могилевской области

22 апреля 2025
Читать новость
ГЛАВНОЕ

Второй день в Быхове проходит республиканская молодёжная ярмарка вакансий

22 апреля 2025
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Активисты Быховской районной организации Коммунистической партии Беларуси возложили цветы к памятнику Ленина

22 апреля 2025
Читать новость

Архивы

Рекомендуем