ТЕМЫ

І сёння ў памяці вайна

Неяк да нас у рэдакцыю патэлефанаваў з аграгарадка Мокрае чытач і паведаміў, што ў іх па вуліцы Маладзёжнай, 9 жывуць муж і жонка Лявіцкія, якія перажылі вайну, нарадзілі і выхавалі чатырох дзяцей, якія шануюць сваіх старых, паважаных людзей. Прасіў пра іх напісаць. Мы прыслухаліся да ягонай парады.

Да хаты Лявіцкіх пад’ехалі каля дзесяці гадзін раніцы. Гаспадар у цёмнай бейсболцы нас ужо чакаў прама на вуліцы, бо крыху раней мы з ім стэлефанаваліся, дамовіліся аб сустрэчы. Разам нетаропка крочым у хату, хоць вялікі дагледжаны белакаменны будынак звычайнай сялянскай хатай назваць нельга. Там нас ужо чакае гаспадыня Тамара Аляксандраўна. Ёй 81 год, а муж на 6 год старэйшы. Пачынаем гамонку. І ў памяці гэтых простых сялян узнаўляюцца падзеі пражытага вялікага жыцця.

Максім Анісімавіч сам не макранскі, а нарадзіўся і рос у суседняй вёсцы Холстава. Вучыўся, праўда, у тутэйшай сярэдняй школе. Толькі да вайны паспеў скончыць усяго шэсць класаў. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, працаваў паляводам у калгасе “Рашаючы”. Калі ж нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі нашу Быхаўшчыну, быў сувязным, затым пайшоў у партызаны, у знакаміты 130-ы атрад, якім камандваў кадравы афіцэр Чырвонай Арміі Фёдар Сухаў. Васімнаццацігадовага юнака прызначылі камандзірам аддзялення. Ім і ваяваў да таго часу, пакуль савецкія войскі не вызвалілі Быхаўшчыну ад ворага. Тады моладзь далучылася да іх.

Максім Лявіцкі гнаў гітлераўцаў на захад у сваё логава на другім Беларускім фронце. Пад Ломжаю атрымаў кулявое раненне рукі, два месяцы лячыўся ў Навагрудскім шпіталі, а потым зноў на фронт. За мужнасць, адвагу займеў нямала дзяржаўных узнагарод —ордэны Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, ордэн Славы ІІІ ступені, медалі “За адвагу”, “ЗА баявыя заслугі”, іншыя медалі. Яны на парадным пінжаку ветэрана, але не ўсе. Няма ордэна Славы і медаля “За адвагу”.

— І ўжо не будзе, — кажа ветэран, — бо згарэлі ў 1986 годзе разам з дакументамі на іх, іншымі дакументамі ў нашай хаце. Але не ў гэтай. Тая стаяла ў Макранскіх Хутарах. Мы яе пабудавалі пасля таго, як некалькі гадоў пражылі ў хаце жончынай маці. Шкадавалі вельмі, але дзяржава нас не пакінула ў бядзе. Тагачасны дырэктар саўгаса “Макранскі” Мікалай Кірылавіч Банадысеў, дзякуй яму вялікі, выдзеліў вось гэты цагляны дом, у якім зараз жывём і дзе выраслі чацвёра нашых дзяцей.

Ветэран паказвае Грамату за подпісам камандзіра Крычаўскай ордэна Суворава стралковай дывізіі за подпісам генерал-маёра Супрунова. З яе відаць, што што старшына Лявіцкі вызваляў населеныя пункты Асавец, Ломжу, Чэрск, Берэнт, Карбхауз, Данцыг, Трэптаў, Везенберг, Варэн, у баях за якія паказаў мужнасць і адвагу. Там жа пазначана, што дагэтуль ён меў 10 Падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандаючага, Генералісімуса таварыша Іосіфа Сталіна.

Пасля Перамогі над ворагам ажно да жніўня 1950 года працягваў службу ў складзе Групы акупацыйных войскаў у Германіі. А калі дэмабілізаваўся, адразу вярнуўся дамоў, уключыўся ў працоўную дзейнасць. Загадваў злівачным малочным пунктам, нарыхтоўваў сыравіну ў райспажыўтаварысте, убіраў збажыну на камбайне і нават паспеў зноў апрануць вайсковую форму, бо цэлы год служыў старшыной  аўтароты 760-га авіятэхнічнага батальёна. Пасля зноў працаваў у сельскай гаспадарцы, а на заслужаны адпачынак пайшоў у 1987 годзе.

Нялёгкі лёс выпаў і жонцы ўдзельніка вайны. Пра яе бацькоў, партызанскіх сувязных Рудкоўскіх, упамнаецца ў кнізе “Памяць. Быхаўскі раён” на 185-й старонцы. Дык вось Тамара Аляксандраўна, па ейных словах, пасля арышту была зачынена немцамі ў пуні разам з партызанкаю Верай Самалётавай. Арыштавалі ж дзяўчынку за бацьку Аляксандра Нічыпаравіча, якога не маглі злавіць. У сям’і Рудкоўскіх тады гадавалася чацвёра дзяцей. Старэйшай Томе споўнілася ўсяго 11 гадоў. Яна знаходзілася ў хаце, калі прыйшлі гітлераўцы. Маці знаходзілася ў суседзяў, і яны забралі дачку. Прывезлі ў вёску Сядзіч. Білі, дапытваючыся пра бацьку, а дзяўчынка раз-пораз паўтарала: “Не ведаю, дзе ён, бо вы прыязджалі, апранулі ў сваё аддзенне і павезлі. Куды — не ведаю. Ён не вярнуўся”.

Недзе праз чатыры дні ў Сядзіч прыйшла на выручку бабуля, пачала прасіць немцаў адпусціць сваю ўнучку Тому. Нічога не выйшла, пасадзілі і яе.На наступны дзень на фурманцы павезлі ў Дашкаўку. Там пачаставалі хлебам з маргарынам. Потым прынеслі зброю і кажуць, што яна — бацькава. Ды кемлівая дзяўчынка не разгубілася. Яна паўтарыла ранейшыя словы,  дадала, што ніякай зброі ў бацькі не бачыла.

Фрыцы загадалі зняць усё адзенне, голай легчы на лаўку. Легла. Адразу пачалі біць. Тома плакала ад пякучага болю, але ад раней сказанага не адмовілася. І фашысты ёй паверылі. Загадалі апранацца. Калі апранулася, павялі ў нейкі бункер. Там убачыла …збітую на горкі яблык маці з самай меньшай сваёй сястрычкай, якой не было яшчэ нават двух гадоў.

Разам іх трымалі два тыдні. Затым на грузавіку павезлі ў Магілёў, адтуль — у Княжыцы. Каля Княжыц на шашы сустрэлі гітлераўскую машыну, што рухалася з Бялыніч. Параўняліся, спыніліся. Гітлераўцы аб нечым пагаманілі на сваёй незразумелай мове, затым высадзілі маці з дзецьмі сярод поля, а самі паехалі ў бок Магілёва.

Пайшлі ў Княжыцы. Набліжалася ноч, але ніхто да сябе з вяскоўцаў не хацеў пускаць начаваць. Кагосьці баяліся. Але адна старая добрая жанчына ўсё ж пашкадавала, узяла да сябе на адну ноч.

Ранкам пакрочылі ў суседнюю вёску Сумарокава, дзе даведаліся аб сваіх родзічах па матчынай лініі. Тыя пусцілі, накармілі. У іхняй хаце пражылі амаль месяц, а тады пайшлі назад, на Быхаўшчыну. Да іх далучыўся мужчына, які ішоў у Сушчоў. Цяжкі гэта быў шлях, ды праз колькі дзён дабраліся да Касіч. Там сустрэлі партызана са сваёй вёскі Малінаўкі. На двары стаяў сакавік 1944 года. Партызан і паведаміў пра бацьку, які загінуў у баі з немцамі.

Нарэшце дайшлі дадому. І адразу захварэлі. Тома з бабуляю — тыфам, сястрычка Лена — вятранкаю. Яе цела было ў вадзянках. Жылі ў свайго дзядулі, які ўсіх і выхадзіў, а затым перайшлі ў сваю хату.

Тамара Аляксандраўна ўспомніла, як вучылася ў школе, скончыла 8 класаў і паехала ў Магілёў на курсы кааператыўнага гандлю. Паспяхова іх скончыла, вярнулася дамоў, загадвала магазінам, але болей рабіла ў сельскагаспадарчай вытворчасці. І выхоўвала дзяцей, якія сваіх бацькоў не забываюць. Самы меншы сын Юра жыве непадалёку, бывае ледзь не кожны дзень, Аляксандр жа прыязджае з Магілёва, Таццяна — з Глуска, а Валодзя — з Клічава. Тады яны ўсе зноў жывуць, як і раней, адной дружнай сям’ёй, а бацькі-ветэраны маладзеюць душою.

Мікола КОЛАСАЎ.


Последние новости

ПРЕЗИДЕНТ

Глазьев станет новым госсекретарем СГ. Об этом решении лидеров Беларуси и России сообщил Лукашенко

17 апреля 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Курс — на далекий Ближний Восток

17 апреля 2025
Читать новость
ГЛАВНЫЕ НОВОСТИ

Добровольная кампания “Лес! Дабро! Парадак!” проходит на Быховщине

17 апреля 2025
Читать новость
ОБЩЕСТВО

Запрет на лов судака вступил в силу в Могилевской области

16 апреля 2025
Читать новость
КУЛЬТУРА

Кастинг республиканского телепроекта «Звездный путь» пройдет в Могилеве 18 мая

16 апреля 2025
Читать новость
ВАШЕ ЗДОРОВЬЕ

Подведены итоги конкурса на лучшее информационное сопровождение проекта «Здоровые города и поселки»

16 апреля 2025
Читать новость

Архивы

Рекомендуем