Партызанскі сувязны

Ён застаўся сціплым і добразычлівым чалавекам, якім заўсёды быў на працягу свайго ўжо доўгага 85-гадовага жыцця, жыве ў вёсцы Віляхаўка Ніжнятошчыцкага сельсавета. Але тры гады таму грамадскі статус Уладзіміра Ніканоравіча Пашкова карэнным чынам змяніўся, бо яго на аснове архіўных дакументальных сведчанняў прызналі ўдзельнікам партызанскага руху на Беларусі. Але і гэта адбылося не па ягонай ініцыятыве, а дзякуючы пошукавай працы энтузіястаў з ваенна-гістарычных аб’яднанняў Гомельшчыны.
З Уладзімірам Ніканоравічам мы сустрэліся ў ягонай хаце ў Віляхаўцы, дзе ён і распавёў пра акалічнасці, што папярэднічалі важнай падзеі ў ягоным жыцці, а таксама нагадаў вехі сваёй багатай біяграфіі:
—Усё пачалося, як мне потым расказвалі землякі з Рагачоўшчыны, з выдання кнігі “Юныя героі Гомельшчыны” пад рэдакцыяй кандыдата педагагічных навук, палкоўніка ў адстаўцы Сямёна Фёдаравіча Шакарова. Той для знаходжання матэрыялаў па гісторыі партызанскага руху ў Прысожжы шмат працаваў у архівах, вывучаючы дэталёва кожнае захаванае пісьмовае сведчанне ваенных часін. У кнізе ён змясціў імёны юных партызан, сувязных і іншых удзельнікаў супраціўлення фашысцкім захопнікам, што лічыліся ў спісах партызанскіх атрадаў і злучэнняў. Сярод іх мае былыя аднавяскоўцы з вёскі Журавічы Рагачоўскага раёна разам са шматлікімі імёнамі сваіх землякоў адшукалі і маё. Яны ведалі, што я жыву ў Быхаўскім раёне, таму звязаліся з гомельскімі краязнаўцамі, і далі ім мой адрас.
Гамельчане потым прыязджалі ў Віляхаўку, распытвалі пра ўдзел у партызанскім руху, запісвалі ўспаміны ветэрана і паабяцалі пасадзейнічаць у атрыманні адпаведных дакументаў. І яны спраўдзілі свае абяцанні, даволі хутка аформіўшы ўсе неабходныя фармальнасці. Тут ужо стары таксама трохі пазавіхаўся, каб прадставіць ім адпаведныя дакументы з месца пражывання.
Далей мы пагутарылі з ветэранам партызанскага руху пра ваенны перыяд жыцця і далейшы ягоны лёс. Уладзімір Пашкоў стаў партызанскім сувязным у 1943 годзе. Тады ён жыў у маленькай вёсачцы Канава, што месцілася паблізу Журавічаў — тагачаснага раённага цэнтра Гомельскай вобласці. У тамтэйшых лясах у міжрэччы Дняпра і Сожа дзейнічаў партызанскі атрад імя Чапаева. Ягоная разведка часта прыцягвала маладога хлопца да вывучэння становішча ў мясцовых населеных пунктах, куды той хадзіў па заданнях.Рабіў Валодзя гэта так, быццам наведваўся да сваякоў. Звесткі юнага сувязнога партызаны выкарыстоўвалі для сваіх тактычных перамяшчэнняў і аперацый атрада, бо дзейнічаў ён у вялікай зоне ад Журавічаў да Кармы.
Гэтую частку Беларусі войскі Чырвонай Арміі вызвалілі ад ворага ўвосень 1943 года, і шмат хто з партызанаўстаў ваяваць далей. Валодзю Пашкова не мабілізавалі на фронт, таму што ён не падыходзіў па ўзросту.
— Пасляваеннае жыццё складвалася таксама вельмі і вельмі нялёгка, — працягваў свой расповяд Уладзімір Ніканоравіч. — Усіх мужчын забралі на фронт, засталіся толькі жанчыны, дзеці ды старыя. Я, лічы, аказаўся самым дарослым сярод хлапчукоў-падлеткаў. Таму мяне таксама прыцягвалі на самыя цяжкія работы. А, бадай, самым надзённым тады для людзей сталася будаванне і аднаўленне жытла. Для гэта патрэбілася дзелавая драўніна, якая ўручную нарыхтоўвалася ў лесе. Вось такою цяжкаю працаю і займаўся доўгі час пасля вайны.
Падчас работ у лесе ў Быхаўскім раёне менавіта непадалёку ад Віляхаўкі і пазнаёміўся з мясцоваю дзяўчынаю, будучаю жонкаю Валянцінаю Цярэнцьяўнаю. Калі ажаніліся, то вырашылі будавацца па месцу жыхарства жонкі. Зруб рубілі разам з цесцем, той жа дапамог абзавесціся кароваю.
Адметным у далейшым жыцці сталася тое, што, як тады, у 1950-я гады, зрабілася модным ды прэстыжным, ездзіў ветэран на тры гады на заробкі ў шахту ў Падмаскоўны буравугальны басейн. Потым увесь час працаваў у сельскай гаспадарцы.
Шматлікія дзеці, унукі ды праўнукі Уладзіміра Пашкова цяпер яшчэ болей ганарацца сваім пачынальнікам роду, бо адкрылася яшчэ адна слаўная старонка ягонага багатага жыцця.
Мікалай Ахрыменя.