ГРАНІ ШЛЮБНЫХ БРЫЛЬЯНТАЎ

Невялікі, але даглед-жаны дом па вуліцы імя Заслонава ў горадзе Быхаве ведаюць многія, бо ў ім вельмі даўно жывуць добрыя людзі — Віктар Іванавіч і Ніна Іванаўна Латышавы. Гаспадар, якому ў наступным годзе споўніцца 90, некалі працаваў галоўным інжынерам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, гаспадыня ж рабіла майстрам вытворчага навучання на курсах механізатараў, якія рыхтавалі патрэбныя вёсцы кадры. З ёю мне сустракацца амаль не даводзілася, а вось з шаноўным Віктарам Іванавічам — даволі часта. І не толькі на раённых нарадах, сходах. Мне, тады яшчэ зусім маладому журналісту, даводзілася з ім нярэдка ездзіць у рэйды па калгасах, саўгасах, правяраючы гатоўнасць тэхнікі да той альбо іншай сельскагаспадарчай кампаніі, яе эфектыўнае выкарыстанне на палетках. І станоўчы альбо крытычны матэрыял пасля такіх паездак адразу друкаваўся ў газеце. Латышаў сам прыязджаў у рэдакцыю, запрашаючы ў рэйдавую праверку. Цяпер такога няма і блізка, а шкада. Гэта не на карысць справе.
Галоўны інжынер Быхаўшчыны ніколі не быў шматслоўным. Звычайна ён вёў гамонку толькі па канкрэтных сельскагаспадарчых ці надзённых жыццёвых пытаннях. Ніколі не ўспамінаў і вайну, хаця ўдзельнічаў у ёй актыўна. Аб гэтым даведаўся толькі ў 2008 годзе, калі рыхтаваў да друку сваю новую кнігу “Уроки мужества” пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жылі і жывуць на Быхаўшчыне. Вось тады лёс зноў звёў мяне з гэтым цікавым чалавекам і я з першых вуснаў слухаў яго ўсхваляваны аповед.
Бязвусы юнак Віктар Латышаў нарадзіўся на Шклоўшчыне, у вёсцы з рэдкаю назваю Сертыслаў. У 1941 годзе скончыў сярэднюю школу, але ў войска прызваць не паспелі.
Прыйшлі немцы. Неўзабаве стаў партызанам, разам з імі ставіў міны на дарозе Шклоў-Горкі.
У дзеючую армію патрапіў ужо ў 1943 годзе, калі гітлераўцы пачалі адступаць на захад. Спачатку залічылі ў школу снайпераў, але калі даведаліся, што хлопец мае сярэднюю адукацыю, а па матэматыцы, іншых дакладных навуках мае адны пяцёркі, перавялі ў тапографы-вылічальнікі. Так стаў артылерыстам. Палкавыя 76-міліметровыя гарматы ніколі не падводзілі. Іх нярэдка ставілі на прамую наводку, каб мець жаданыя вынікі. Менавіта так зрабілі ў польскім горадзе Познані, калі акружылі фашысцкі гарнізон, які не паспеў адступіць. Асада працягвалася каля месяца. Фрыцаў загінула вельмі шмат, але нямала палягло і нашых — каля дзвюх соцен байцоў і камандзіраў. А гэта палова асабовага саставу палка. Ніякай узнагароды Латышаў тады не атрымаў.
Перад фарсіраваннем ракі Віслы сяржант займеў медаль “За баявыя заслугі”, а лейтэнант Тарасенка — ордэн Чырвонай Зоркі. Яны ўстанавілі сувязь са “згубленым” стралковым палком, які ранкам павінен быў наступаць пры падтрымцы артылерыі. І пяхота паспяхова выканала пастаўленую перад ёю задачу.
29 красавіка 1945 года ўступілі ў Берлін, паставілі гарматы на прамую наводку. Латышава прызначылі сувязным паміж камандным палкавым пунктам і разлікамі гармат. І ён ледзве не загінуў, калі даставіў разведчыкам пакет з штаба палка. Заданне выканаў, але пасля даведаўся, што ў бліндаж разведчыкаў, адкуль ён пайшоў назад, патрапіў варожы снарад. Усе загінулі.
На сваю малую радзіму лейтэнант-франтавік з Германіі вярнуўся толькі ў 1947 годзе. Паступіў у палітэхнічны інстытут. Праз пяць год з дыпломам інжынера працаваў па накіраванні ў Расійскай Федэрацыі, але родную Шклоўшчыну не забываў, бо там у яго жыла каханая дзяўчына, з якой упершыню сустрэўся, калі той ішоў шаснаццаты год. Узроставая розніца ў дзевяць гадоў, але абодва не звярталі на яе ніякай увагі. Пятага лістапада 1952 года ажаніліся. Вяселле не спраўлялі, абыйшліся сціплаю вечарынаю. І пачалі разам жыць, нараджаць ды расціць дзяцей. Яны ўжо даўно дарослыя. Сын Уладзімір жыве і працуе ў Оршы галоўным энергетыкам, дачка Алена загадвае чытальнаю залаю цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Быхаве. Бацькоў наведвае ледзьве не кожны дзень, дапамагае ім.
5 лістапада ў дзень брыльянтавага вяселля дарагіх людзей сабяруцца за святочным сталом усе: дзеці, чатыры ўнукі, праўнучка і праўнук. Дарослым будзе што ўспомніць, аб чым пагаманіць, раз-пораз жадаючы “маладым” як можна болей пражыць на белым свеце.
Мікола ЛЕЎЧАНКА.