Бацькоўская радасць

Маладую шматдзетную сям’ю Круталевічаў, якая пабудавала сваю добрую кватэру па вуліцы імя прафесара Касценіча за кошт ільготнага дзяржаўнага крэдытавання, наведаў у другой палове нядзельнага дня, калі ўсе знаходзіліся дома. Кожны займаўся сваёю справаю і толькі самы меншы Іванка яшчэ спаў. Але і ён, пачуўшы прывітальныя галасы бацькоў, неўзабаве ўжо сядзеў на руках у маці.
Вольга і Дзяніс пазнаёміліся 10 гадоў таму, каля яна працавала кухарам у дзіцячым садку вёскі Лудчыцы. Сюды ездзіла з суседняй вёскі Няраж, дзе жылі і жывуць зараз яе бацькі. А пазнаёміў іх сябра Дзяніса, які надта ўжо нахвальваў яму юную светлавалосую вясковую прыгажуню. Паехалі да яе. І з таго часу хлопец ужо ездзіў у вёску без сябра. А крыху больш чым праз год ажаніліся, стварылі самастойную сям’ю, у якой растуць зараз трое дзетак — шасцігадовы Алег, пяцігадовая Віка і двухгадовы Ванечка.
Старэйшыя наведваюць дзіцячы садок №2 у горадзе Быхаве, меншы знаходзіцца ўвесь час з маці. Але недзе ў сярэдзіне лістапада ёй ужо трэба ісці на працу. Тады ў садок адправіцца і самы малодшы. Але час пакажа.
Вольга Віктараўна па спецыяльнасці бібліятэкар. Яе атрымала на завочнай форме навучання ў Магілёўскім бібліятэчным каледжы. І тры гады займалася кнігамі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Хутка будзе мець справу з чытачамі зноў.
Дзяніс Станіслававіч раней займаўся лясною гаспадаркаю, нават скончыў у Бранску дзяржаўную інжынерна-тэхнічную акадэмію, ды пасля сямі гадоў працы ў ДЛГУ “Быхаўскі лясгас” перайшоў на чыгунку, стаў манцёрам пуці.
— Тут у мяне два стабільныя выхадныя дні, няма неабходнасці раней звычайнага ісці на работу альбо затрымлівацца пасля яе заканчэння, што вельмі важна для сям’і, калі ў ёй гадуюцца малыя дзеці, — кажа Дзяніс Станіслававіч, — бо ўдзяляць ім увагу абавязана не толькі маці, а і бацька.
У вольны для бацькі час Алег побач з ім. Ён забывае тады на свае канструктары, кубікі і амаль не адыходзіць ад яго.
Віка ж пераймае ў маці навыкі па хатніх справах, вучыцца гатаваць ежу.
А яшчэ абодва любяць бавіць час у бабуляў з дзядулямі ў Быхаве і ў Няражы. Усе яны трымаюць хатнюю гаспадарку, а быхаўскі дзядуля Стась да таго ж мае каня. На кані яны разам ездзяць усюды, дзе трэба, водзяць на луг скубсці траву. А яшчэ ловяць рыбу. Нядаўна зрабіў ім паход у цырк шапіто. Во радасці было!
Заядлы аматар-рыбак і бацька. З ім Алег ездзіў нават на начную рыбалку.
—І што запомнілася? — пытаюся ў хлопчыка.
—Смачныя смажанае сала на ражне, вэнджаная курыца і прыгатаваная бацькам юшка. А яшчэ вогнішча, спевы начных птушак.
Дзеці ў выхадныя дні часта бавяць час то ў бацькоў Дзяніса, то ў бацькоў Вольгі. Яны любяць і тых, і другіх, бо ўсе хочуць пачаставаць сваіх унукаў нечым смачным, дагадзіць ім, але ў меру, каб ведалі цану сялянскай працы, шанавалі прыроду, людзей. Калі ў Быхаве для іх ёсць конь, то ў Няражы — карова, якая дае малако. А з малака бабуля Тамара робіць і смятану, і масла, і тварог, якія куды смачней, чым у магазіне.
Бабуля Валянціна таксама заўсёды мае добрыя пачастункі. Таму дзеці заўсёды ахвотна ідуць да іх у госці. Маленькі Ваня не жадае нават у садок пайсці, калі надыдзе час, ён ужо згадзіўся пажыць у Няражы.
Мая сустрэча з сям’ёю Круталевічаў была кароткай, але насычанай, гасціннай і пераканаўчай у тым, што дзеці бацькам у радасць.
Мікола КОЛАСАЎ.